Аб сустрэчы Генконсула Беларусі Р.Варанкова з пастаянным намеснікам старшыні Саюза бізнес-асацыяцый Хашыміна
17.10.2024 г.
17 кастрычніка 2024 г. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у г.Хашыміне Руслан Варанкоў правёў сустрэчу з пастаянным намеснікам старшыні Саюза бізнес-асацыяцый г.Хашыміна (HUBA) Нгуен Фыок Хынгам.
Даведка. Саюз бізнес-асацыяцый г.Хашыміна створаны ў 1989 г. З’яўляецца самым буйным у В’етнаме прафесійным грамадскім аб’яднаннем кампаній і прадпрымальнікаў. У склад уваходзяць 73 асацыяцыі-члены і больш за 17 тыс. прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць пераважна ў сферах гандлю і паслуг, апрацоўчай прамысловасці і будаўніцтва.
Работа Саюза накіравана на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, забеспячэнне абмену інфармацыяй і ўстанаўлення дзелавых сувязей, садзейнічанне ў выхадзе на замежныя рынкі, распрацоўцы галіновых нарматыўных актаў, а таксама аказанне кансультацыйнай дапамогі.
Падчас размовы бакі абмяняліся думкамі аб перспектыўных напрамках двухбаковага ўзаемадзеяння.
Р.Варанкоў абазначыў асноўныя мэты дзейнасці Генконсульства, акцэнтаваўшы прасоўванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначыў паспяховае правядзенне ў верасні г.г. Дзён Мінска ў Хашыміне, а таксама выказаў упэўненасць у наяўнасці высокага патэнцыялу для двухбаковага ўзаемадзеяння з HUBA.
Нгуен Ф.Х. праінфармаваў аб дзейнасці Саюза, пацвердзіў гатоўнасць садзейнічаць развіццю беларуска-в'етнамскіх сувязей, а таксама адзначыў, што ў бягучы момант Саюз надае асаблівую ўвагу кампаніям, якія прапануюць рашэнні ў сферы пераходу на «зялёныя» тэхналогіі.
Бакі таксама дэталёва абмеркавалі магчымасць наладжвання сувязей па лініі беларускіх і в'етнамскіх дзелавых структур, абмену візітамі, а таксама арганізацыі сумесных профільных мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь і г.Хашыміне ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектывах.