Аб сустрэчы Р.Варанкова з рэктарам В’етнамскага ўніверсітэта нафты і газу
06.03.2025 г.
6 сакавіка 2025 г. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у г.Хашыміне Руслан Варанкоў правёў перамовы з рэктарам В’етнамскага ўніверсітэта нафты і газу Фан Мінь Куок Бінем.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прарэктар Лу Куок Фонг, дэканы шэрагу факультэтаў і кіраўніцтва аддзела знешніх сувязей в'етнамскага ўніверсітэта.
Падчас сустрэчы адбыўся прадметны абмен думкамі аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва В’етнамскага ўніверсітэта нафты і газу з профільнымі беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.
Суразмоўцы падкрэслілі важнасць умацавання істытуцыйных сувязей як асновы для наладжвання акадэмічнай мабільнасці, абменаў прафесарска-выкладчыцкім складам, стажыровак, арганізацыі сумесных канферэнцый і навуковых публікацый.
Бакі выказалі ўзаемную прыхільнасць да ўмацавання практычнага кампанента, мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў і кааперацыі з прадпрыемствамі паліўна-энергетычнага комплексу.
У рамках мерапрыемства таксама адбылася відэаканферэнцыя з Полацкім дзяржаўным універсітэтам ім. Ефрасінні Полацкай. Ад беларускага ўніверсітэта ўдзел прынялі рэктар Юрый Раманоўскі, прарэктар Аксана Голубева і кіраўніцтва аддзела міжнародных сувязей.
Кіраўніцтва дзвюх ВНУ прадставіла адукацыйны патэнцыял устаноў, абмеркавала канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва, а таксама намеціла крокі па далейшым узаемадзеянні на бліжэйшую перспектыву.
Па выніках Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Ефрасінні Полацкай і В'етнамскі ўніверсітэт нафты і газу падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні, ініцыятыва распрацоўкі якога была раней прапанавана Генконсульствам.