Аб узнагароджанні ўдзельнікаў IX Адкрытага міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка
30.05.2025 г.
30 мая 2025 года напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей віцэ-консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у г. Хашыміне Паліна Карпава ўрачыста ўзнагародзіла юных в'етнамскіх прызёраў дыпломамі IX Адкрытага міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Сябруюць дзеці на планеце». У цырымоніі прынялі ўдзел прызёры конкурсу са школ і дзіцячых садоў горада, іх бацькі і настаўнікі.
Адкрыты міжнародны конкурс дзіцячага малюнка «Сябруюць дзеці на планеце» арганізуецца штогод Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пры садзейніцтве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2024 годзе мерапрыемства прайшло ў 9 раз, удзельнікамі з 27 краін было прадстаўлена больш за 10 000 конкурсных работ.
У звароце да ўдзельнікаў мерапрыемства віцэ-консул Генконсульства адзначыла, што творчасць дзяцей з Беларусі і В'етнама дэманструе, як, нягледзячы на адрозненні і геаграфічную аддаленасць, нашы народы аб'ядноўвае адзінства разумення такіх агульначалавечых каштоўнасцей, як мір, дабрыня і сяброўства, і што такая дзейнасць адыгрывае важную ролю ў развіцці беларуска-в’етнамскага гуманітарнага супрацоўніцтва.